ЯНІ́СЛАВІЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура познамезалітычных плямён, якія ў 6—5-м тыс. да н.э. жылі на тэр. ад цэнтр. Польшчы да зах. Літвы, Беларусі і паўн.-зах. Украіны. Уплывы культуры распаўсюджваліся і на суседнія раёны. Насельніцтва Я.к. займалася паляваннем, у меншай ступені — рыбалоўствам і збіральніцтвам; мела лапланоіднае аблічча; жыло па берагах вадаёмаў у наземных жытлах, якія абаграваліся агнішчамі-кастрышчамі. Памерлых хавалі ў магільных ямах з ужываннем вохры. Для крамянёвага інвентару Я.к. характэрны ланцэтападобныя вастрыі, доўгія трохвугольнікі са стромкай рэтушшу, рознафігурныя скрабкі на адшчэпах. Сустракаюцца касцяныя прылады працы і падвескі з зубоў жывёл. На Беларусі найб. значныя помнікі са знаходкамі Я.к. — стаянкі Беліца-2 (Лідскі р-н) і Лічыцы-2 (Ваўкавыскі р-н) у Гродзенскай вобл.
М.М.Чарняўскі.
т. 18, кн. 1, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)